УМАЦАВА́НЫ ЛА́ГЕР,

месца размяшчэння войск, падрыхтаванае для адбіцця атакі (наступлення) праціўніка; адна з першых форм палявых умацаванняў.

У.л. ствараліся ў Стараж. Грэцыі і Рыме (гл. Лагер; Лагер рымскі), пазней у інш. дзяржавах. Высокім майстэрствам у выкарыстанні У.л. вызначаліся дружыны Полацкага княства. У 15—17 ст. распаўсюдзіліся У.л., вядомыя ў Зах. Еўропе пад наз. вагенбургі (умацаванні з павозак ваен. абозу). У.л. выкарыстоўвалі войскі ВКЛ (напр., у Грунвальдскай бітве 1410, у бітвах пад Полацкам у 1579, Лоевам у 1649 і інш.). У Маскоўскай Русі такія ўмацаванні наз. гуляй-гарадамі. У 17—19 ст. У.л. існавалі як баявыя пазіцыі на гал. напрамках абароны. Напр., на тэр. Беларусі напярэдадні вайны 1812 размяшчаўся Дрысенскі лагер, пабудаваны паводле плана ген. К.​Фуля (не быў выкарыстаны рас. войскамі з-за недахопаў у яго праектаванні).

У.л. ўяўлялі сабой замкнутыя баявыя пазіцыі, пабудаваныя звычайна ў выглядзе многавугольніка, эліпса і інш.; агульная пл. дасягала 10 км² і больш (у Дрысенскага У.л. — каля 12 км²). У.л. падзяляліся на часовыя (палявыя) і пастаянныя (доўгачасовыя). Многія з пастаянных У.л. паступова ператварыліся ў крэпасці (цытадэлі), вакол якіх выраслі гарады. На рубяжы 19—20 ст. у сувязі з развіццём сродкаў паражэння У.л. страцілі сваё значэнне.

С.​А.​Фамін, В.​А.​Юшкевіч.

т. 16, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)